Эма Кавалевіч – жанчына, у жыцці якой матэматычная дакладнасць сустрэлася з паэтычным водгукам. Яна нарадзілася ў 1966 годзе ў вёсцы Цешаўле Баранавіцкага раёна ў сям’і кіроўцы і калгасніцы. Дзяцінства, як у многіх беларусаў таго часу, – гаспадарка, агароды, праца разам з бацькамі. А потым – інжынерная справа, эксплуатацыя аэрадрома ў вайсковай часці ў Бабруйску, дзе яна працавала да пенсіі, а потым там засталася справавытворцам.

Але галоўнае ў яе жыцці – гэта слова. Спроба пяра была яшчэ ў юнацкім узросце, калі прыйшло першае каханне. Але свае значныя вершы, якія неслі глыбіню, жанчына напісала, калі ёй споўнілася гадоў 37. Тады, калі першая закаханасць ужо асела ў памяці, а жыццё пачало патрабаваць глыбейшага асэнсавання.

– Я пачала пісаць патроху, – прыгадвае яна. – Пачала неяк усё пераасэнсоўваць. Пераасэнсоўваць само жыццё, напэўна, па-іншаму.

Асноўны жанр Эмы Войцехаўны – чатырохрадкоўе, лаканічнае, дакладнае. Калі яе творы ўвайшлі ў анталогію рускай паэзіі 2018 года, крытыкі адзначылі: «імкнецца да малых літаратурных формаў філасофскай накіраванасці». І гэта дакладна: у яе вершах няма лішняга, але ёсць сутнасць.

Яна піша пра дабро і зло, пра любоў і подласць, пра тое, што ўсе мы – Божыя дзеці. Часта ў яе творах гу­чыць заклік не быць абыякавым.

– Калі мы думаем, што адно дрэннае слова ці ўчынак нічога не зменяць, гэта няпраўда, – пераканана паэтэса. – Кожная злоба, агрэсіўнасць выплёскваюцца ў агульную энергію Зямлі, а потым вяртаюцца да нас…

Ужо некалькі гадоў Эма Войцехаўна з’яўляецца членам літаратурнага аб’яднання «Сонечныя нівы» ў Баб­руйску. Туды яна трапіла выпадкова, але засталася дзякуючы цёплай атмасферы.

– Там збіраюцца вельмі душэўныя людзі. Усе пішуць па-рознаму, на розныя тэмы, – расказвае яна. – Кіраўніца аб’яднання – Надзея Акушка – энергічная жанчына, якая натхняе і накіроўвае паэтаў, што аб’ядноўваюцца вакол яе.

Кожную нядзелю ў раённым Доме культуры адбываюцца сустрэчы творчых людзей: чытаюць свае вершы, размаўляюць, п’юць чай. А летам праходзіць фестываль да дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, на які з’язджаюцца госці з усёй Беларусі. Нават прафесар эстэтыкі з Мінска Вадзім Салееў – наш часты госць.

– Мы патрэбны адзін аднаму, – лічыць паэтэса. – Многія не ведаюць, што мы – паэты, творчыя людзі – ёсць. А нам патрэбна новае ўліванне людзей. І калі ёсць жаданне, каб твае творы не ляжалі ў стале, можна прыйсці да нас, у наша аб’яднанне.

Эма Войцехаўна прызнаецца, што ў творчасці ёсць нешта большае, чым яе ўласны розум.

– Калі пішу, сябе падрыхтоўваю, а потым прыходзіць аднекуль зверху выраз, ты атрымліваеш запал энергіі, – дзеліцца яна. – Творчы чалавек – гэта палова цябе і палова Бога. І цудоўна, калі цябе менш.

Яна пераканана: выпадковасцей у жыцці не бывае. Нават калі ты спазнілася на аўтобус, значыць, так трэба было. Гэты філасофскі падыход адлюстроўваецца і ў яе паэзіі, і ў стаўленні да жыцця.

Яе вершы – гэта роздум пра дабро і зло, под­ласць і любоў. Эма Войцехаўна ўпэўнена: кожнае слова і кожны ўчынак уплываюць на агульную энергію Зямлі, таму ў яе творах часта гучыць заклік да мудрасці, узаемапаразумення і неабыякавасці.

– Потым табе ж і вернецца ўсё гэта, – тлумачыць ­паэтэса. – Зямля круглая.

Пры гэтым сама сябе яна лічыць больш матэматыкам, чым лірыкам. Яе вершы – гэта канцэнтрат думкі, дзе чатыры радкі здольныя выказаць сутнасць складаных з’яў.

Свае вершы паэтэса размяшчае на сайтах у Інтернэце.

Калі адзін і той жа чалавек прачытаў не адно тваё чатырохрадкоўе, а трыццаць – ты разумееш, што дзеля яго варта пісаць і заўтра, – упэўнена Эма Войцехаўна.

Друкавалася яна і ў беларускіх перыядычных выданнях, у альманаху «Вехі». Выдала кнігі са сваімі вершамі ў Мінску і Санкт-Пецярбургу.

Асаблівае месца ў яе сэрцы займае сям’я, яе продкі, сам род. Яе бацькі, якія нарадзілі, выгадавалі і пусцілі ў свет чацвёра дзяцей, заўсёды працавалі, але і не забывалі прывіваць сваёй дачцэ любоў да прыгажосці, таму яе род – гэта асноўнае, яе апора ў жыцці.

– Калі я прыязджаю ў Брэсцкую вобласць, у родную вёску, іду на могілкі, гляджу на фатаграфію прабабулі Алесі і разумею: я адтуль, я ад іх. І гэта трымае, дае сілу жыць далей.

Сваё крэда паэтэса выказала ў вершы пра жанчын, які стаў і пра яе саму:

Жыццё без жанчын немагчыма –
Планету трымае жанчына,
Сардэчнай пяшчотай Сусвету
Жанчыны трымаюць планету…

Эма Кавалевіч не шукае славы. Яна проста робіць тое, да чаго імкнецца: піша вершы, у якіх чатыры радкі могуць змяніць больш, чым доўгія прамовы. Сама Эма Войцехаўна гаворыць, што часта вершы пішуць яе, а не яна іх. Але калі ў рыфме нараджаецца заклік да міру або праўда, якая чапляе чытача нават праз экран, прыхо­дзіць усведамленне: «Калі хоць адзін чалавек задумаецца, значыць, ты не здарма гэта робіш».

Таццяна Пацёмкіна, фота Аляксандра Анташкевіча, bobrlife.by