­Агляд тэатральных падзей з 20 па 26 лістапада­

20 лістапада ў 12:00 у рамках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматугіі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча на сцэне палаца мастацтваў адбудзецца спектакль «Карона з кахання» Мінскі абласны драматычны тэатр (г.Маладзечна). У памяшканні палаца мастацтваў.
Лёс іншым разам адорвае творцаў не толькі выпрабаваннямі, але і высокімі пачуццямі, з якіх складаецца своеасаблівая карона – карона з кахання. Так і ў жыцці маладога паэта Янкі Купалы з’явілася актрыса–аматарка Паўліна Мядзёлка, якая першай выканала ролю Паўлінкі ў аднаіменнай камедыі, і якая заняла першае месца ў яго сэрцы. Драматургічны матэрыял пабудаваны на ўспамінах каханай паэта, якая была, як сцвярджаюць, яго музай.
20лістапада ў 14:00 запрашаем на прадстаўленне дзяцей ад трох гадоў. Спектакль «Дарожныя прыгоды Віты» (Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў г. Мінск) створаны па матывах кнігі шведскай пісьменніцы Сары Лундберг «Віта Белая Крэска». Гэта вандроўка, якая пачынаецца ў бясконцым космасе з мільярдамі зорак, праходзіць праз усе магчымыя месцы нашай планеты, і скончваецца ва ўтульным акенцы вашай хаткі. Мы пазнаёмімся з дзяўчынкай Вітай і рознакаляровымі чалавечкамі, даведаемся, хто малюе белыя крэскі на дарогах і запальвае ліхтары ў горадзе. Напрыканцы дзетак чакае інтэрактыўна-мастацкая частка - яны самастойна змогуць стварыць новае падарожжа для Віты з неверагоднымі краінамі, гарадамі і жыхарамі.
20лістапада ў 20:00 «Камедыя Юдзіфі»Гродзенскі абласны тэатр лялек.
Юдзіф – старазапаветны персанаж, габрэйская ўдава, якая выратавала свой родны горад ад нашэсця асірыйцаў.
Гэта смелая жанчына зрабіла ўсё, каб выратаваць свой народ і веру. Пасля таго, як асірыйцы абсадзілі яе родны горад, яна прыбралася і адправілася ў лагер ворагаў, дзе прыцягнула ўвагу вайскавода Алаферна. Калі ён напіўся і заснуў, яна адсекла яму галаву і прынесла яе ў родны горад…
«…Ці магла б яна стаць шчаслівай з Алафернам на руінах роднай краіны і веры? Насмешка лёсу – забіла адзінага мужчыну, якога пакахала.» (С.Кавалёў)
21 лістапада ў 18:00 Славацкі камерны тэатр (г. Марцін) пакажа пастаноўку «У войны не женское лицо».
«Надта змрочныя колеры? Гэта мае месца, але напісанае струменіць дзіўнае ззянне. Сведкамі,  чые аповяды ўвайшлі ў кнігу, сталі пакуты і любоў, што зліліся ў адно, быццам пара ў класічным танцы і, як казаў Дастаеўскі – Ёсць толькі адзін шлях з цемры: пачынаць любіць людзей. Разумець іх з дапамогай любові» – Святлана Алексіевіч.
22 лістапада ў 13:00 запрашаем на спектакль«Сіняя-сіняя»  Магілёўскі абласны тэатр лялек.
«25-га ліпеня 1880 года. Вялікая паўночная Сахара. Іх засталося толькі двое: маленькая дзяўчынка Джаміля і Пятрок Ясюкевіч, былы паўстанец, былы Беларус, былы чалавек… чалавек без яды, без вады, без Радзімы». Каб адцягнуць увагу дзяўчынкі ад мукаў смагі, Пятрок расказвае гтсторыю-казку пра сваю Радзіму-Рай  «Сінюю-сіннюю»…­

 

Распадаюцца час і прастора, усплываюць і змешваюцца карціны былога і міражы, ствараючы мазаіку сцэн. Герой знаходзіцца паміж галюцынацыяй і рэальнасцю, ён спрабуе рэканструіраваць і ўсвядоміць падзеі сваёго жыцця… Але спробы разбіваюцца бязлітасным ворагам – пяском, які ўсё больш захоплівае іх у палон.

22 лістапада ў 18:00 завершыць фестываль спектакль «Скорина»Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Чалавек эпохі Адраджэння, таленавіты ва ўсім – асветнік, выдавец, перакладчык, філосаф, паэт, мастак, вучоны, медык, прадпрымальнік – гэта Францыск Скарына, ураджэнец слаўнага Полацка. Жыццёвы шлях яго ахутаны мноствам  таямніц. Драматург і рэжысёр паспрабавалі раскрыць  некаторыя з іх. Яны паспрабавалі зразумець яго ўчынкі, яго сумненні і спакусы, што мучылі і катавалі  сэрца. Зразумела адно –  аснова ўсёй дзейнасці Францыска , гэта любоў. Любоў да ведаў, да роднай краіны і народа, а яшчэ… да жанчыны. У вялікага Майстра была Маргарыта, яго муза і жонка,  матыў іх чыстага, узвышанага кахання пранікнёна гучыць у драме.
Гэта драма – апокрыф, які расказвае аб духоўным подзвігу надзвычайнага чалавека, што прысвяціў сваё жыццё служэнню людзям і барацьбе супраць цемры невуцтва.
Пасля спектакля адбудзецца Урачыстая цырымонія закрыцця фестывалю. Узнагарода пераможцаў.

 

­
­
­
­
Страницы: «1 2 3 4 5 6 7 8»